ЦЯ́ГЛЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

катэгорыя феадальна-залежных сялян у ВКЛ і Расіі. 1) У ВКЛ у 15—18 ст. феадальна-залежныя сяляне, гал. формай зямельнай рэнты якіх была паншчына. На Полаччыне іх наз. таксама прыгоннымі людзьмі; у актах Метрыкі ВКЛ іх вызначалі як «с сохою, с серпом, с косою, с топором и иную тягль тянули по тому, как иншие селяне». Узніклі з развіццём фальварка, калі значная колькасць сялян розных катэгорый паводле характару гал. павіннасцей (даннікаў, сялян-слуг, баяр) пераведзена ў катэгорыю Ц.с. Да сярэдзіны 16 ст. ў бас. Нёмана і Буга Ц.с. сталі асн. катэгорыяй сялянства паводле характару гал. павіннасці. У ходзе валочнай памеры Ц.с. атрымалі надзел у адну валоку (21, 36 га; часта па 2 двары), якая служыла і адзінкай абкладання рознымі павіннасцямі. За карыстанне валокай зямлі Ц.с. адбывалі 2 дні паншчыны ў тыдзень, плацілі натуральныя і грашовыя падаткі, а таксама выконвалі інш. работы. На працягу 16—18 ст. іх зямельныя надзелы скарачаліся, павіннасці павялічваліся.

2) У Расіі ў 14—1-й пал. 19 ст. феадальна-залежныя сяляне, якія адбывалі цягло на карысць дзяржавы і феадалаў. Разам з пасадскімі людзьмі складалі цяглае насельніцтва. У 2-й пал. 17 ст. ў разрад Ц.с. уключаны і бабылі. Да 1679 існавала пазямельнае пасошнае, потым падворнае цягло. Пасля ўвядзення падушнага падатку (1724) Ц.с. наз. падатнымі людзьмі. У 18—1-й пал. 19 ст. цяглымі наз. памешчыцкіх сялян, якія мелі поўны зямельны надзел і адбывалі павіннасці памешчыку і дзяржаве ў памеры цэлага цягла. Сяляне, якія мелі палавіну зямельнага надзелу, наз. паўцяглымі і выконвалі павіннасці ў памеры палавіны цягла. Ц.с. зніклі разам з адменай прыгоннага права ў 1861.

Літ.:

Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Мн., 1993;

Гісторыя сялянства Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 17, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)